Home

April 30th, 2008

твор майго дзеда

  • Apr. 30th, 2008 at 7:13 PM

Гісторыя ДЗЕДА Куліка.
Мне пашанцавала ведаць свайго дзеда Васіля Фёдаравіча Шумілава,пражыўшага 92 гады. Нарадзіўся ён у 1874 годзе ў вёсцы Вірычаў,ды ўсё жыцьцё там і пражыў.У бацькі дзеда-Фёдара-жонку звалі Хвядора.Фёдар быў вясёлы,з гумарам.Іграў на скрыпцы і не толькі на гулянках,а як выпадзе вольная хвіліна,і дома. Сам прыдумаў частушкі і падыгрываючы сабе,спяваў :
А я Фёдар,ты Хвядора,
А мне лапаць,табе абора,
А мне лапаць-панасіцца.
Табе абора задавіцца.
А яшчэ любіў Фёдар на вяселлях гаварыць : “Вось як трахну сваімі худламі…” А быў ё кучаравы,кудлаты. У вёсках усім давалі мянушкі,і таму прадзеда сталі зваць Кудлік. І пайшло : дзед Кудлік,Пятро Кублік,Ліда Пятра Кудлікава… Калі хто называў імя ці прозвішча ,разабрацца,аб кім ідзе гаворка,было больш складана,чым па мянушчы.
У школу дзед Васіль хадзіў дзве з паловай зімы. Па тым часе гэта было шмат. Тагачасныя сяляне былі цвёрда перакананы ,што ад вучобы дзіцяці хлеба ў хаце не прыбавіцца. Вось чаму большасць дзяцей наогул не хадзіла ў школу і не ўмела ні чытаць,ні пісаць. І калі да некага з вяскоўцаў прыходзіала пісьмо ад салдата ,то дзеда клікалі не толькі чытаць,а і пісаць адказ.
У дзеда было шасцёра дзяцей: тры сыны і тры дачкі. Сям’я выхоўвалася ў атмасферы павагі да працы і людзей. Сумленнасць,прыстойнасць,шанаванне старэйшых з малых гадоў прывілася ўсім членам сям’і. Адносіны да рэлігіі былі вольныя. У куце хаты віселі абразы,перад якімі дзед з бабуляй хрысціліся. Але маліліся яны не кожны дзень. Ды і дзяцей не прымушалі рабіць гэта.
Як і іншыя вясковыя сем’і,дзедава сям’я да калектывізацыі мела зямлі каля пяці гектараў,паўгектара луга на пойме Друці.Было ў гаспадарцы два кані,дзве каровы,свінні,авечкі,хатняя птушка. Меў дзед гумно з ёўняй,хлеў,пуню,лазню.
Сярод вірычаўцаў дзед карыстаўся павагай за сумленнасцьЮгаспадарлівасцьЮпрацавітасць і разважлівасць. Не выпадкова ў канцы 20-х гадоў менавіта яго паслалі вяскоўцы на сабраныя сродкі на далёкі Амур,каб падшукаць месца і зямлю для перасялення жадаючых. У вялікіх сем’ях не хапала зямлі.
Пасля вяртання з паездкі дзед зрабіў заключэнне : “Зямля на Амуры багата,да адным канём не наарэш”. Між тым,пад’ёмныя грошы выдавалі толькі на пакупку аднаго каня.А неўзабаве пачалася калектывізацыя,і мужыкі вырашылі нікуды не ехаць,бо зусім правільна заключылі ,што калгасы арганізуюць і на Амуры. Рызыкнулі паехаць толькі тры сям’і : Шэметавы,Бараны,Крэз.
Побач з дзедам жыў яго брат Міхей. У Міхея было пяцёра дзяцей.Дзякуй Богу,усе яны жывыя. А малодшы сын Грыша жыве з жонкай на тым жа месцы,дзе жыў Міхей *.
Калі пачалася арганізацыя калгаса,Міхей і Лявон Шумілаў выступілі супраць.Дзед Васіль па прычыне сталых гадоў меў мудрасць і таксама не хацеў ісці першым.Пазней ён гаварыў,што першымі ў калгас пайшлі гультаі.
Аднойчы на сядзібу зайшоў старшыня сельсавета Радчанка. Ён назваў Міхея і яго брата падкулачнікамі. Той не страмаўся і ўдарыў старшыню кулаком у твар ды тык,што той не ўстаяў на нагах. Потым быў суд. Міхея атрымаў тры гады і адбываў пакаранне на будаўніцтве канала Масква-Волга. Гэта выпадак так расчараваў дзеда,што ў калгас ён не ўстапіў. Як ў аднаасобніка,у яго забралі зямлю,кавалак луга,а ўзамен далі самы неўрадлівы ўчастак на Усходу калі Друці. У калгас забралі і аднаго каня.Праз некаторы час конь вярнуўся.Прыйшоў ён да дзеда брудны,з пабітымі нагамі.Час ішоў,але за канём ніхто не прыходзіў. Напэўна калгаснікі разумна вырашылі,што ў дзеда каню будзе лепш. У Міхея таксама забралі каня і гумно.Членам калгаса дзеда пачалі лічыць толькі пасля вайны. Як усім яму выдзелілі 50 сотак зямлі пад агарод.Дзед аказваў пасільную дапамогу калгасу:віў з пянькі вяроўкі.
У 20-х гадах пасля нараджэння ўнукаў дзедава сям’я даходзіла да 15 чалавек. Усіх іх трэба было апрануць і пракарміць. Прыходзілася працаваць ад цямна да цямна.Ужо з вечара дзед размяркоўваў абавязкі:каму ўранку карміць-паіць скаціну,каму выносіць ў ёўні ў гумно прысушаныя за ноч снапы жыта,каму гэтыя снапы малаціць цапамі.
Дзед быў апорай родзічаў у цяжкія гады вайны.А партызаны,ідучы праз вёску па заданні,абавязкова заходзілі да Кудліка. Цягнуў іх туды не толькі тытунь,якім дзед заўсёды мог пачаставаць,параіцца. Не раз ахалоджваў ён гарачыя галовы партызан,засцерагаў іх да непрадуманых дзеянняў.
Былі ў дзеда і захапленні:рабылоўства і збіранне грыбоў. Лёску для вуд ён віў з валасоў конскага хваста.
У сам застолля дзед Васіль больш адной шклянкі не піў,а вось курыў самы моцны тытунь.Сам яго садзіў,сам і гатаваў.Запалкамі не карыстаўся.У кудлікавым кісеце заўсёды былі тытунь,крэсліва,крэмень і губка.
Пры ўсёй сваёй жыццёвай мудрасці дзед Васіль быў чалавекам сціплым. За сва даўгае жыццё ён не разу не звярнуўся за дапамогай у дзяржаўныя інстанцыі.На фронце загінулі два яго сыны-Арцём і Мікалай-гонар сям’і,афіцэр. Ад прапановы пахадатайнічаць аб афармленні пенсіі на загінуўшага члена сям’і дзед катыгарычна адмовіўся.
Чытачы старэйшага пакалення,напэўна,успомняць,што такія старыя былі ў кожнай вёсцы.Менавіта на такіх мужыках,гаспадарлівых,памяркоўных,любячых і ведаючых зямлю і трымалася вёска.На іх ,а не на тых дарадчыках,якія ходзяць па паркетах,падказваюць,як сеяць,як араць. Такія “аральшчыкі” крычаць з экранаў тэлевізараў :”Даеш зямлю фермерам!Толькі яны змогуць накарміць дзяржаву і нас”. І паказваюць новага фермера:ён,яго жонка,ды адно дзіця.Нават,калі ў такога фермера будзе трактар,усё роўна я не паверу,што гэта сям’я з трох чалавек можа ўсіх пракарміць.Яна зможа забяспечыць прадуктамі,хіба толькі сябе.Дай Бог,каб лішкаў прадуктаў хапіла на пакупку трактара,будаўнічых матэрыялаў,паліва,угнаенняз і ядахімікатаў.
У майго дзеда не было трактара,але было два кани,вочем чалавек сям`і,якія ўжо ў 20-я гады маглі працаваць. І рабілі яны па сумленню,не ведалі,што такое водпуск. Таму і быў у сям’і прадуктовы дастатак:сваё мяса,малако,масла,садавіна і гародніна.Але лішкаў ледзь хапала,каб завезці іх на рынак у Рагачоў ці на кірмаш у Ціхінічы (на Міколу ён працягваўся тры дні)прадаваць іх там,ды на выручаныя грошы купіць сукна на армяк,сітцу дзяўчатам на сукенкі,якога-небудзь абутку,ды галоўку цукру.
У сямё`і маёй маці бацька памёр рана,уся гаспадарка легла на плечы жанчын.Хлеба не заўсёды хапала да новага ўраджаю.Прыходзілася пазычыць муку,або дабаўляць у хлеб вотруб`е.
Прашу чытачоў не падумаць,што я супраць фермераў.Ні ў якім разе.Калі дзе-небудзь ёсць такія сялянскія хлопцы,якія праз колькі дзесяцігоддзяў гатовы стаць такімі ж гаспадарамі,як мой дзед,я толькі за.Але я супраць чарговай хвалі па раздзелу зямлі і разгону гаспадарак.Праца на зямлі павінна быць вольнай.Хочаш,адчувае сілу-бяры зямлю і працуй.Жадаеш-разводзь пчол,а хочаш-будзь садаводам. У каго ж гэта не атрымліваецца-працуй у калектыўнай гаспадарцы-калгасе,саўгасе,каператыве.
Мне застаецца сказаць,што імёны,прыведзеныя ў гэтым нарусе,сапраўдныя.Многіх тых,аб кім я вёў гаворку,ужо няма ў жывых.Аднак жывуць іх дзеці,унукі.Няхай яны прабачаць мяне,калі даведаюцца пра сваіх продкаў нешта не зусім гераічнае.Я лічу,што гісторыя маленькай вёсачкі павінна пісацца праўдзіва.
В.Ш. Горад Бабруйск (газета “СВАБОДНАЕ СЛОВА” гРагачоў . 17.03.1993)






Яшчэ адзін твор майго дзеда!!! Чытаць раю!

Гісторыя дзеда кудліка  )

Latest Month

July 2008
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by Gilbert Rizo